горадабудаўнічы ансамбль 17—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў зах.ч. горада. З 1830 вядома як Корпусная пл., з 1992 пл. Свабоды. Сфарміравалася ў 17 ст. перад Полацкім езуіцкім калегіумам. У 1776—84 забудавана жылымі і адм. будынкамі ў стылі класіцызму паводле праекта арх. І.Зігфрыдана. Плошча ў плане мела форму, блізкую да квадрата. На зах. яе баку знаходзіліся касцёл і калегіум езуітаў, на ўсх. — будынкі грамадз. і крымін. палат і намесніцкага праўлення, на паўд. — дамы ген.-губернатара, магістрата і верхняй і ніжняй упраў, на паўн. — дамы каменданта і віцэ-губернатара, земскіх судоў і комплекс Полацкага кляштара дамініканцаў. Захаваліся будынкі калегіума, магістрата, дамоў ген.-губернатара, верхняй і ніжняй упраў, каменданта і віцэ-губернатара.
Будынкі 2-павярховыя (акрамя магістрата), мураваныя, прамавугольныя ў плане, падобныя па планіроўцы, аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і дэкоры. Будынак магістрата 1-павярховы. асіметрычнай кампазіцыі з мансардай. Яго тарцовы фасад завершаны трохвугольным шчытом. Будынкі злучаліся мураванымі агароджамі і ўтваралі нібыта адзіны фасад забудовы.